 У 1790, па іншых звестках у 1799 г., на месцы старога драўлянага пачалося будаўніцтва мураванага касцёла.
Завершана будаўніцтва ў 1809 г., асвячоны касцёл 15 жніўня 1809 г. у імя Небаўзяцця Дзевы Марыі.
Касцёл мураваны, атынкаваны, крыты гонтам. Па форме прамавугольнае зальнае збудаванне з паўцыркульным
завяршэннем прэсбітэрыя і дзвюма сіметрычнымі сакрысціямі. Памеры складалі 52х34 локця. Галоўны бязвежавы
фасад члянёны лапаткамі, завершаны фігурным франтонам з вялікім жалезным крыжам. Абапал франтона стаялі
мураваныя вазы. Іканаграфічна фасад зембінскага касцёла блізкі рашэнню фасада касцёла дамініканцаў у Брэсце.
Інтэр’ер распісаны мастаком Веберам з Варшавы. Амбон і два бакавыя алтары былі перанесены са старога
касцёла. Галоўны алтар мураваны, атынкаваны, са стукавым ляпным дэкорам, перанесены са старога касцёла.
У 1813 г. пасля вайны з французамі амбон, алтар былі адноўлены.
У 1833 г. кляштар дамініканцаў скасаваны, касцёл да 1880 г. быў прыходскім. У пачатку XX ст. былі праведзены
рамонтныя работы. А ў 1932 г. зноў закрыты. |