 Першаасновай Мінска быў дзядзінец XI ст., размешчаны не на ўзвышшы, а ў нізіне, у месцы ўпадзення ракі Нямігі ў Свіслач. У замках такога тыпу выкарыстоўваліся абарончыя ўласцівасці балоцістай, затапляемай мясцовасці. У першапачатковы перыяд на фарміраванне планіровачнай структуры горада вялікі ўплыў зрабіла пераважная трасіроўка міжгарадскіх гандлёвых шляхоў з захаду і паўднёвага захаду (Гродна, Брэст) на паўночны ўсход (Віцебск, Смаленск). Цэнтрам Мінска стаў замак і размешчаная паблізу гандлёвая плошча трохвугольнай канфігурацыі (Ніжні рынак). Уздоўж ракі Нямігі, па Нямігскім пасадзе праз плошчу і далей, на левым беразе Свіслачы па Троіцкай гары праходзіла галоўная, найбольш старажытная вуліца. Пасля, у XVI ст., у выніку буйнамаштабнага горадабудаўнічага мерапрыемства на суседнім узгорку быў створаны новы грамадскі цэнтр, рэгулярна спланаваная ва ўласцівых эпосе Адраджэння традыцыях прамавугольная плошча (Верхні, альбо Высокі, рынак). У XVII-XVIII стст. умацаванні горада ўключалі замак і паўкальцо земляных валоў і равоў з паўднёвага, найбольш слабага боку. Горад, кампактны ў плане, крыху перавышаў паўкруг і па характары вулічнай сеткі адносіўся да двухцэнтравага, радыяльна-паўкальцовага з прамавугольнымі элементамі тыпу. Цэнтрамі сыходжання вуліц радыяльнай накіраванасці былі замак з Ніжнім рынкам, а таксама Верхні рынак; у раёне апошняга планіровачная структура набліжалася да прамавугольнай. Ансамбль забудовы Верхняга рынку (пазней — Саборная плошча), які фарміраваўся на працягу XVI — пачатку XX ст.,- выдатная з’ява ў гісторыі дойлідства. На малой тэрыторыі канцэнтравалася вялікая колькасць дамінантаў, што абумовіла насычанасць архітэктурнай кампазіцыі.
У прасторавай структуры ансамбля спалучаліся ўласцівасці сярэдневяковай і рэнесансна-барочнай горадабудаўнічых культур. Нерэгулярная планіроўка яго паўночна-ўсходняга ўчастка натуральна склалася ў позняе сярэднявечча. Асноўная ж частка ансамбля характарызавалася размяшчэннем будынкаў у артаганальнай сістэме ўзаемазвязаных планіровачных восяў, што тыпова для Новага часу. Пры гэтым вышынная кампазіцыя забудовы вызначалася складаным супрацьпастаўленнем архітэктурных, шматвежавым сілуэтам з рознымі па характары вертыкалямі, – 587 –
маляўнічай рознавышыннасцю аб’ёмаў. У канцы XVIII — першай палове XIX ст. у стылёвым вырашэнні культавых будынкаў пераважала барока; іх аблічча дапаўнялася асобнымі дамінантамі ў формах рэнесансу (царква Святога Духа) і класіцызму (ратуша). Асноўнымі збудаваннямі ансамбля з’яўляліся: ратуша, упамінанне аб якой сустракаецца ўпершыню ў канцы XV ст., адбудаваная ў XVI і XVII стст., 1744 г., канцы XVIII і першай палове XIX ст.; гасціны двор, згаданы ў XVI ст., які будаваўся да пачатку XX ст.; комплекс мужчынскага і жаночага базыльянскіх манастыроў першай паловы XVII ст. з царквой Святога Духа; езуіцкі калегіум другой паловы XVII-XVIII ст. з самым буйным у Мінску храмам, асобнай званіцай і развітым комплексам іншых пабудоў; мужчынскі і жаночы бернардзінскія кляштары першай паловы XVII-XVIII ст. з барочнымі касцёламі; дамініканскі кляштар таго ж часу, які меў своеасаблівую браму перад галоўным фасадам храма; будынак гарадскога тэатра канца XVIII ст. рэканструяваны на працягу XIX і ў пачатку XX ст.; гасцініца пачатку XIX ст., перабудаваная ў 1884 г. і ў стылі мадэрн — у 1906-1908 гг., якая атрымала назву “Еўропа” і стала найбуйнейшым грамадзянскім будынкам Мінска; сінагога XVIII ст.; жылыя дамы, у тым ліку ўзор гарадскога сядзібнага комплексу XVIII ст. з парадным дваром. У параўнанні з большасцю гарадоў Усходняй Беларусі, напрыклад Віцебскам, рэканструкцыя і развіццё Мінска ў перыяд рэгулярнай класіцыстычнай перапланіроўкі вызначалася вялікай ступенню пераемнасці былой структуры. У межах горада канца XVIII ст. захаваўся агульны характар гістарычнай планіроўкі і абрысы многіх вуліц. За яго межамі ў першай палове XIX ст. значная тэрыторыя атрымала новую прамавугольную планіровачную сістэму.
У XIX ст. разбураны ці перабудаваны асобныя выдатныя архітэктурныя збудаванні. У многім гэты працэс быў абумоўлены ўнутрыпалітычнай сітуацыяй якая наступіла пасля разгрому Польскага паўстання 1830-1831 гг. У 1850-ых гг. ахвярай стала ратуша, у якой у першай палове XIX ст. апрача адміністрацыйных устаноў — суда, магістрата, гауптвахты, архіва размяшчаліся музычная школа і гарадскі тэатр. Фармальнай прычынай для зносу служыла тое, што ратуша, “...займаючы сабой частку галоўнай плошчы, абмяжоўвае яе і закрывае краявід саборнай царквы і новаўзводзімых дзяржаўных устаноў...”. Аднак, паводле ўспамінаў відавочцаў, будынак ратушы быў знішчаны з-за таго, што “...ён сваім існаваннем напамінаў жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра магдэбургскае права...”. На рашэнні аб зносе ратушы стаяла ўласнаручная рэзалюцыя Мікалая I. У 1795 г. уніяцкая царква Святога Духа была пераўтворана ў праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор, а будынкі базыльянскіх манастыроў заняты духоўнай кансісторыяй і губернскай гімназіяй. Двойчы, у сярэдзіне і ў канцы XIX ст., былая царква Святога Духа — самабытны помнік рэнесансу з элементамі готыкі, перабудоўвалася ў псеўдарускім стылі, што з’яўлялася тыповым для гэтага перыяду праяўленнем архітэктурнага
рэтраспектывізму. У сярэдзіне XIX ст. у формах позняга класіцызму адбылася рэканструкцыя корпуса былога мужчынскага базыльянскага манастыра. Таксама ў 1850-ых гг. грунтоўна перабудаваны архітэктурны комплекс езуіцкага калегіума, вежа-званіца набыла функцыю пажарнай каланчы, а будынак езуіцкай школы, які з канца XVIII ст. выкарыстоўваўся як дом губернатара, страціў першапачатковы дэкор. У другой палове XIX — пачатку XX ст. на тэрыторыі горада феадальнай эпохі і, галоўным чынам, за яго межамі інтэнсіўна складвалася
капітальная грамадская і жылая забудова, якая фарміравала цэнтральную частку Мінска, разнастайная па сваіх функцыянальных тыпах і мастацкіх асаблівасцях. Акрамя таго, у сувязі з тэрытарыяльным ростам горада ў перыяд бурнага развіцця капіталістычных адносін узніклі таксама і перыферыйныя жылыя і прамысловыя раёны, у тым ліку прадмесці з драўлянай сядзібнай забудовай. Яшчэ ў 1920-1930-ых гг. цэнтр Мінска ўяўляў сабой цэласнае і буйнамаштабнае гісторыка-горадабудаўнічае ўтварэнне, якое сінтэзавала ў сабе культурную спадчыну розных эпох, хаця і тады знішчаліся каштоўныя грамадскія будынкі. Напрыклад, пры ўзвядзенні ў 1939-1941 гг. будынка ЦК КПБ зруйнаваны дом краязнаўца, збіральніка беларускіх старажытнасцей М. Гаўсмана. Выкананы ў 1857 г. па праекце К. Хршчановіча
манументальны будынак вылучаўся рамантычным архітэктурным абліччам з выкарыстаннем разнастайных форм готыкі, рэнесансу і класіцызму. У 1898-1899 гг. тут дзейнічала Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў.
У пасляваенныя дзесяцігоддзі архітэктурнай творчасці на шкале каштоўнасцей культурная спадчына апынулася на апошнім месцы. Прычыны таму — недаацэнка горадабудаўнічага значэння помнікаў дойлідства наогул і адмаўленне спадчыны капіталістычнага перыяду ў прыватнасці, ідэйная арыентацыя на стварэнне манументальнага і буйнамаштабнага новага асяроддзя сацыялістычнага горада пры нігілізме якасцей існаваўшых планіроўкі і забудовы сфарміравалася грамадская ідэалогія, якая праявілася ў негатыўным стаўленні да культавага дойлідства і масавай гістарычнай забудовы. Як і ў любым іншым горадзе, знос каштоўных будынкаў у многім абумовіўся адвольнымі, малаабгрунтаванымі адносінамі да агульнадзяржаўнага здабытку, адсутнасцю ў гэтых выпадках прыватнай уласнасці на гарадскую нерухомасць. З вялікай колькасці культавых будынкаў, што існавалі ў XVIII — пачатку XX ст., да нашага часу захаваліся толькі адзінкі. Трэба адзначыць, што перадумовы разбурэння цэласнасці гістарычнага цэнтра Мінска ў 1950- 1960-ых гг. былі закладзены на стадыі генеральнага плана. Пад праезнай часткай праспекта Машэрава апынуўся амаль
увесь Мінскі замак — помнік археалогіі XI-XVIII стст. Знесены шэраг гістарычных будынкаў. Пад знос трапіў вялікі комплекс гістарычнай забудовы вуліц Нямігі і Ракаўскай. Пры гэтым была знішчана планіровачная структура сярэдневяковага паходжання, нязначна змененая ў перыяд класіцызму, у тым ліку планіроўка і забудова трохвугольнай плошчы Ніжняга рынку. На вуліцы Дз. Беднага, якая яшчэ ў 1930-ых гг. мела шчыльную капітальную, старажытную ў сваёй аснове забудову, да нядаўняга часу захоўваўся апошні будынак, знесены для будаўніцтва станцыі метро. У зоне перасячэння планіровачных дыяметраў само сэрца горада перыядаў Кіеўскай Русі і станаўлення Вялікага княства Літоўскага было амаль цалкам ператворана ў транспартную развязку ў некалькіх узроўнях, як наземных, так і падземных, у сувязі з чым грунтоўна знішчана архітэктурная спадчына на паверхні зямлі і археалагічная — у культурным пласце |