 Паводле пісьмовых крыніц, з 15 ст. на Троіцкай гары ў Мінску існавала драўляная царква. У 1630 г. Марына Вяжэвіч каля царквы заснавала жаночы базыльянскі манастыр. Першапачаткова ўсе пабудовы манастыра былі драўляныя. У 1799-1800 гг. узведзены мураваны манастырскі корпус (арх. Ф. Крамер). Аднак у 1809 г. на тэрыторыі манастыра адбыўся пажар, у выніку якога былі пашкоджаны манастырскія пабудовы. Аднаўленне манастыра адбывалася па праекту арх. М. Чахоўскага. Адноўлены манастырскі корпус быў 2-х павярховы П-падобны ў плане, накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад карнізным поясам падзелены на 2 ярусы. Фасадная сцяна 1-га паверха была апрацавана рустам. На галоўным фасадзе былі 3 рызаліты, завершаныя трохвугольнымі франтонамі. Рытм фасадаў ствараўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі, у бакавых рызалітах на 2-м паверсе аздобленымі сандрыкамі. Унутры памяшканні былі перакрыты крыжовымі скляпеннямі, калідоры — цыліндрычнымі. Паводле плана, складзенага ў 1814 г. планавалася пабудаваць новую мураваную царкву, якая б злучалася з манастырскім корпусам галерэяй. З усходняга боку манастырскі корпус галерэяй злучаўся са службовым мураваным будынкам. На поўнач ад манастырскага корпуса размяшчалася
мураваная брама-званіца. Амаль перпендыкулярна да існуючага манастырскага корпуса праектавалася пабудаваць яшчэ адзін мураваны корпус. Тэрыторыя манастыра па праекту была абнесена драўлянай агароджай. Уздоўж агароджы па былой вул. Аляксандраўскай (суч. вул. М. Багдановіча) і вул. Паліцэйскай (суч. Я. Купалы) размяшчаліся гаспадарчыя драўляныя будынкі. З боку р. Свіслач знаходзіўся агарод. Аднак цалкам гэты праект не быў рэалізаваны.
Дакладная дата закрыцця базыльянскага манастыра на Троіцкай гары нам не вядома, але, відаць, гэта адбылося ў 1835 г. Вядома, што манашкі былі пераселены ў Мядзел. 15 мая 1835 г. быў праведзены вопіс манастырскіх будынкаў і па высачайшаму распараджэнню манастыр з пляцам перададзены Прыказу грамадскага прызрэння. 22 чэрвеня 1835 г. пасля неабходных рамонтных работ у мураваным 2-х павярховым былым манастырскім корпусе размясцілася гарадская бальніца на 40 ложкаў. Мінская гарадская бальніца была заснавана ў 1799 г (па іншых крыніцах у 1796 г.) і знаходзілася ў падпарадкаванні Прыказа грамадскага прызрэння. Бальніца размяшчалася ў спецыяльна пабудаваным драўляным будынку на 25 ложкаў па вул. Захар’еўскай (суч. пр. Ф. Скарыны) на правым беразе р. Свіслач. У час вайны 1812г. бальніцы былі нанесены значныя страты. У 1816 г. будынак бальніцы адноўлены, а ў 1835 г., як вышэй адзначана, бальніца пераведзена ў былы базыльянскі манастыр. Трэба сказаць, што ў той перыяд у Прыказа налічвалася некалькі богаўгодных устаноў, якія знаходзіліся ў розных месцах г. Мінска, што ўскладняла іх медыцынскае і гаспадарчае абслугоўванне. Таму ў 1839 г. было вырашана пашырыць бальніцу на Троіцкай гары і перавесці туды шпіталь з былога кляштара баніфратаў, размешчанага на вул. Ракаўскай. З гэтай мэтай Прыказ грамадскага прызрэння набыў суседнія пляцы і такім чынам тэрыторыя гарадской бальніцы склала цэлы квартал (3468 кв. саж.). У тым жа 1839 г. быў праведзены рамонт у былым манастырскім корпусе. Аднак аднаго лячэбнага корпуса для богаўгодных устаноў Прыказа было недастаткова, таму ў 1840-я гады побач з былым манастырскім корпусам пачалі будаваць 2 новыя мураваныя будынкі са службамі. Такім чынам, у 1847 г. было завершана будаўніцтва багадзельні і дома інвалідаў (для псіхічнахворых). Паводле архіўнага дакумента, у 1862 г. мінская гарадская бальніца была разлічана на 70 ложкаў (па 35 мужчынскіх і жаночых), багадзельня на 100 ложкаў, у тым ліку аддзяленне для невылечнахворых — 10 ложкаў, прыстарэлых жанчын благароднага паходжання — 13 ложкаў, “скарбяшчых” — 20 ложкаў. У гэты час, у 1862 г. багадзельня і дом інвалідаў былі адрамантаваны. Рамонтныя работы ў асноўным датычаліся пафарбоўкі і пабелкі палат. У 1876 г. пры аглядзе богаўгодных устаноў мінстрам унутраных спраў былі зроблены заўвагі, што аддзяленне для псіхічнахворых, разлічанае на 20 ложкаў, не можа заставацца ў такім стане. У 1876 г. быў зацверджаны праект на перабудову дома, з разлікам размясціць 60 ложкаў. І ў 1877 г. да дома інвалідаў з абодвух бакоў былі зроблены прыбудовы. Як вынікае з матэрыялаў даклада чарговага земскага схода за 1912 г., у 1885-1886 г. гарадская бальніца з былога манастырскага корпуса была пераведзена ў будынак багадзельні, а багадзельня размясцілася ў манастырскім корпусе. Аднак і гэта не вырашыла ўсіх праблем, таму што новае памяшканне бальніцы было арганізавана па калідорнай сістэме, і калідор быў агульны з заразным аддзяленнем. Паводле архіўных дакументаў у 1889-1890 гг. у склад гарадской бальніцы ўваходзілі бальнічны корпус і будынак дома інвалідаў (аддзяленне для псіхічнахворых). Акрамя таго існавалі 3 флігелі, у якіх размяшчаліся кантора, кухня і служачыя, стайня з лядоўняй і 2 складскія будынкі. На тэрыторыі бальніцы быў невялікі сквер. Бальнічны корпус характаразаваўся як мураваны 2-х павярховы, абаграваўся галандскімі печамі. Адна з палат была прыстасавана пад аперацыйную. У будынку меліся 3 ванны і на тэрыторыі была асобная старая лазня. Вада прывозілася з р. Свіслач. Дом інвалідаў быў разлічаны на 40 ложкаў мужчынскіх і 20 — жаночых. Пры будынку існаваў невялікі сад для душэўнахворых. Будынак быў мураваны двухпавярховы, таксама абаграваўся галандскімі печамі, ванны адсутнічалі. Па статыстычных звестках, за год у бальніцы лячылася каля 700 чалавек. У штаце бальніцы налічвалася 2 урача, 2 фельдшара, 4 сястры і 9 чалавек прыслугі. У 1904 г. мінская гарадская бальніца была перайменавана ў земскую, у сувязі з гэтым ад Прыказа грамадскага прызрэння перададзена ў падпарадкаванне Управе па справах земскай гаспадаркі. Вядома, што ў 1909 г. бальніца складалася з тэрапеўтычнага аддзялення на 46 ложкаў,
заразнага — 36 ложкаў, хірургічнага — 38 ложкаў, псіхіятрычнага — 140 ложкаў, а ўсяго — 300 ложкаў. На тэрыторыі бальніцы знаходзіліся кватэра наглядчыка, агульная кухня, аптэка, лазня з пральняй, мураваны гаспадарчы будынак, стайня, вартоўня, біялагічная станцыя, лядоўня. Тэрыторыя была абнесена мураванай агароджай. У 1912 г. заразнае аддзяленне было закрыта. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут размясцілася 2-ая гарадская бальніца. Паводле даследванняў У. Дзянісава, у 1930-я гг. над бальнічнымі будынкамі быў надбудаваны 3-ці паверх. |