 У 1941-44 гг. існаваўшая на той перыяд забудова кварталаў, прылеглых да Прывакзальнай плошчы, была разбураная
і спаленая, як і будынак вакзала. У 1947 г. работы па ажыццяўленні праекта ансамблевай забудовы Прывакзальнай
плошчы, пачатыя ў 1939 г., былі адноўленыя.
Аўтарамі праекта планіроўкі раёна ў цэлым (больш 10 кварталаў, размешчаных паміж Прывакзальнай
плошчай, вуліцай Свярдлова і вуліцай Валадарскага — праект рэалізаваны толькі часткова), а таксама цэнтральных
будынкаў ансамбля якія складаюць забудову Прывакзальнай плошчы, былі архітэктар Б. А. Рубаненка (кіраўнік
групы), Л. Галубоўскі і А.Карабельнікаў. На жаль, аўтэнтычная праектная дакументацыя, якая належыць гэтым
аўтарам і звязана з праектаваннем і будаўніцтвам будынкаў на Прывакзальнай плошчы не захавалася.
Паводле праекта, два квартала, якія ўтвараюць паўночна-ўсходнюю мяжу Прывакзальнай плошчы (працягласць
каля 400 метраў), забудоўваліся пяціпавярховымі жылымі дамамі з дзвюма кутнімі вежамі (11 паверхаў). У жылых дамах, якія ўтвараюць замкнёную лінію па перыметру гэтых кварталаў, было запраектавана больш 700 кватэр (жылая плошча больш 26000 м2); у першых паверхах жылых будынкаў былі прадугледжаны памяшканні для аптэкі, паліклінікі, рэстарана, шэрагу крамаў і ўстаноў бытавога абслугоўвання.
Асноўны архітэктурны акцэнт ансамбля Прывакзальнай плошчы звязаны з планіровачнай воссю ўсяго гэтага раёна — сучаснай вуліцай Кірава (раней — вул. 11 ліпеня).
Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя цэнтральнай часткі ансамбля Прывакзальнай плошчы вырашаная як спалучэнне дзвюх 11-павярховых вежаў, фланкіруючых пачатак вуліцы Кірава і двух падоўжаных пяціпавярховых будынкаў, з заломамі ў месцах прымыкання. Гэтыя пяціпавярховыя будынкі, разам з вежамі ўтвараюць адзіны фронт забудовы на паўночна-ўсходнім баку Прывакзальнай плошчы, які падкрэслівае знойдзенае аўтарамі трохчастковае дзяленне празмерна выцягнутага прамавугольніка плошчы. Сярэдняя частка гэтай плошчы, якая прымыкае да кампазіцыйнай восі
— вуліцы Кірава, вылучаная аўтарамі з дапамогай значнага водступу фронта забудовы, і тым самым атрымала галоўнае значэнне ў планіровачнай структуры плошчы і ўсяго архітэктурнага ансамбля ў цэлым. |