 Помнік архітэктуры барока. Уваходзіў у ансамбль пл. Верхняга рынку (сучасная пл. Свабоды). Заснаваны
ў 1633 г. па фундацыі Аляксандра Слушкі. Перабудаваны пасля пажару ў 1741 г.
Касцёл ўяўляе сабой прамавугольную ў плане трохнефавую шасціслуповую двухвежавую базіліку
з трохграннай апсідай і прыбудаванымі сіметрычна з двух бакоў прамавугольнымі ў плане сакрысціямі.
Цэнтральны неф накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад тонкапрафіляванымі карнізнымі цягамі падзенены на 3 ярусы. Трэці ярус фарміруюць 2 бакавыя вежы, завершаныя складанымі барочнымі купаламі, і фігурны шчыт паміж імі, запоўнены выявай з мазаікі. Ярусы вежаў раскрапаваны пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, паўцыркульнымі нішамі і лучковымі праёмамі. У інтэр’еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, бакавыя — крыжовымі. Жылы корпус. Двухпавярховы П-падобны ў плане жылы корпус прымыкае да касцёла з паўночна-ўсходняга боку. Паўднёва-ўсходні фасад вылучаны 2 рызалiтамi. Фасады вырашаны плоскасна, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Па перыметры будынка праходзіць карніз. Галоўны ўваход знаходзіўся з паўночнага боку будынка. На вуліцу корпус раскрываўся невялікім курданёрам, дзе быў кветнік. Мае калiдорную сiстэму планiроўкi: уздоўж аднабаковага калідора, перакрытага крыжовымі скляпеннямі і арыентаванага ва ўнутраны дворык, размяшчаліся келлі, трапезная, а таксама склады і розныя гаспадарчыя памяшканні. Флігель. Двухпавярховы на высокім цокалі прамавугольны ў плане будынак накрыты вальмавым дахам. Тарцовая сцяна ўмацавана магутнымі контрфорсамі. Фасады вырашаны плоскасна, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, тарцовы — плоскімі лапаткамі. Па перыметры
будынка праходзіць карніз. Дэкаратыўныя элементы аздаблення фасадаў не захаваліся. |