 Праектная дакументацыя па забудове левага боку праспекта (дамы № 31, 33 і 35) пачала распрацоўвацца ў
1951-52 гг. Фасады будынкаў вырашаліся аналагічна фасадам супрацьлеглых корпусаў. Вулічныя, а таксама тарцовыя
фасады “абліцоўваліся афактуранымі пліткамі”, фасады па вул. Савецкай дадаткова “дэкарыруюцца
каляровымі керамічнымі ўстаўкамі. Дваровые фасады абліцоўваюцца сілікатнай цэглай”. Але, калі ў праекце
дома № 35, датаваным 1951 г., “цокаль па Савецкай вуліцы абліцоўваецца гранітам”, то ў праекце дома № 33, датаваным 1952 г. плануецца “цокаль галоўнага фасада атынкаваць каляровай тынкоўкай з гранітнай крошкай пад бучарду”. Апрацоўку фасадаў дома № 31, згодна праекту, планавалася зрабіць абсалютна аналагічна апрацоўцы фасадаў дамоў № 33 і 35, але пра абліцоўку цокаля дома № 31 у праекце зусім не згадваецца.
Асобна быў распрацаваны “Праект злучальнай каланады”, аналагічнай дзвюм існуючым каланадам, якія злучаюць карпусы правага боку ансамбля. Аднак, у сувязі з распачаўшайся кампаніяй барацьбы з лішкамі ў архітэктурным праектаванні, праект гэты рэалізаваны не быў, а каланады заменены чыгуннай агароджай з варотамі.
Захаваўся і першапачатковы праект добраўпарадкавання эспланаднай часткі плошчы, складзены ў 1952-53 гг. М. Баршчам. Гэты першапачатковы праект добраўпарадкавання карэктаваўся як мінімум двойчы — у сярэдзіне 50-х г.г. у сувязі з устаноўкуй абеліска Перамогі, і ў 80-х г.г. у сувязі з пракладкай лініі метрапалітэна, што выклікала змену першапачатковай, круглай, формы ўласна плошчы Перамогі, а таксама змяньшэнне і
частковую перапланіроўку яе эспланаднай часткі.
Хоць гэтыя будынкі праектаваліся, відаць адначасова з будынкамі правай паловы гэтага ансамбля (цотны бок праспекта), узводзіліся яны трохі пазней, у сярэдзіне 50-х гг., у сувязі з чым, некаторыя запраектаваныя архітэктурныя дэталі не былі выкананы ў натуры (каланады паміж карпусамі).
№ 31 Пяціпавярховы Г-падобны ў плане будынак. Вуглавая частка будынка завершана невысокай вежачкай з увагнутым шатровым дахам і пінаклямі. Высокія арачныя праёмы аформлены дэкарыраванымі парталамі. Над імі картуш з датай пачатку будаўніцтва. Верхні ярус вуглавой часткі вырашаны 3-калонным порцікам з балюстраднай агароджай. Фасады паміж 3 і 4-м паверхамі падзелены шырокім карнізным поясам.
Прасценкі ў верхнім ярусе аздоблены рэльефнымі кампазіцыямі з картушаў, гірляндаў, медальёнаў. Завершаны фасады шматслойным карнізам з дэнтыкуламі.
№ 33 Прамавугольны ў плане пяцiпавярховы будынак з цэнтральным рызалiтам. Верхні ярус рызаліта вырашаны ў выглядзе 4-калоннага порціка. Гарызантальна фасад чляніцца міжпаверхавым карнізным поясам паміж 3-м і 4-м паверхамі. Пластыку фасадаў узбагачаюць лоджыі і балконы. Прасценкі ў верхнім ярусе дэкарыраваны рэльефнымі кампазіцыямі з картушаў, гірляндаў, медальёнаў.
№ 35 Пяціпавярховы Г-падобны ў плане будынак. Вуглавая частка будынка завершана невысокай вежачкай з увагнутым шатровым дахам і пінаклямі. Высокія арачныя праёмы аформлены дэкарыраванымі парталамі. Верхні ярус вуглавой часткі вырашаны 3-калонным порцікам з балюстраднай агароджай. Фасады паміж 3 і 4-м паверхамі падзелены шырокім карнізным поясам. Прасценкі ў верхнім ярусе аздоблены рэльефнымі кампазіцыямі з картушаў, гірляндаў, медальёнаў. Завершаны фасады шматслойным карнізам з дэнтыкуламі. |