 Пасля таго, як у 1840 г. Троіцкі прыход у Мінску застаўся без парафіяльнага касцёла, у капліцу было перанесена
набажэнства. У 1842 г. капліца 1797 года пабудовы была адрамантавана і перароблена ў касцёл. Аднак, ужо ў 1850 г.
было прызнана, што немэтазгодна падтрымліваць рамонтамі драўляны касцёл, лепш пабудаваць новы мураваны.
Праект быў прадстаўлены і зацверджаны імператарам толькі 6 ліпеня 1861 г. Будаўніцтва касцёла, якое вялося
на добраахвотныя ахвяраванні парафіян, было завершана ў канцы кастрычніка 1864 г. 1 лістапада 1864 г. касцёл быў
асвячоны пад назвай Успення Прысвятой Дзевы Марыі і св. Роха.
Нягледзечы на тое, што Троіцкі касцёл быў новазбудаваны, у 1867 г. ужо патрабаваліся рамонтныя работы. Так у
рапарце мінскага дэкана паведамлялася, што на касцёле пашкоджаны дах, карнізы, сцены, асабліва пры падмурках,
“что свидетельствует об использовании материалов нижайшего достоинства, и вообще, прочность была упущена из
виду”.
З дакументальных крыніц вядома, што ў 1900-1901 гг. у Залатагорскім касцёле быў устаноўлены паўстажковы
арган на дзве клавіятуры з педалямі на 18 галасоў і 7 рэгістраў.
На працягу 1902-1905 гг. у касцёле адбываюцца некаторыя рамонтныя работы. Была адрамантавана званіца, уваход, сакрысціі, заменены аконныя рамы, рэстаўрыраваны некаторыя абразы, пазалочаны і пасярэбраны алтары, жырандоля і інш. У 1905 г. арган перароблены на вінклевую сістэму.
У сувязі з павелічэннем прыхода да 9000 чал., у 1903 г. прыхажане хадайнічаюць аб дазволе на пашырэнне існуючага касцёла. У 1904 г. варшаўскі архітэктар Дзеконьскі выканаў праект на пашырэнне Залатагорскага касцёла, запраектаваўшы крыжападобную ў плане прыбудову да правай фасаднай сцяны. Але касцёльны камітэт адхіліў гэты і наступны, выкананы інжынерам Шабуневічам праект. У 20-я гады 20 ст. Троіцкі касцёл Св. Роха быў зачынены. У час Вялікай Айчыннай вайны згарэў дах. Пасля вайны прыстасаваны пад кнігасховішча Нацыянальнай Бібліятэкі Беларусі. У 1976 г. у Спецыяльных праектна-рэстаўрацыйных майстэрнях МК БССР пачаліся праектыя работы па рэстаўрацыі Залатагорскага касцёла з прыстасаваннем пад залу камернай музыкі Белдзяржфілармоніі (аўтар праекта А.І. Малахоўскі).
Касцёл быў адрэстаўрыраваны ў 1983 г. У цэнтры алтара ўстаноўлены арган. Храм аднанефавы, аднавежавы, прамавугольны ў плане, з пяцiграннай апсiдай. Мае сіметрычную аб’ёмна прасторавую кампазіцыю. Накрыты
двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны двух’яруснай прамавугольнай у плане вежай пад чатырохсхiльным шатром. Абапал франтона — дэкаратыўныя вежачкi. Фасады будынка расчлянёны стылізаванымі трохступеньчатымі контрфорсамі, члянёны стральчатымі нішамі з аконнымі праёмамі. Па перыметры сцены завершаны развітым карнізам. Уваход вырашаны ў выглядзе высокага спічастага партала.
Інтэр’ер пабудовы мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтральны неф i апсiда перакрыты цылiндрычнымi скляпеннямi з распалубкамi. У нартэксе — крыжовае скляпенне. Унутраная паверхня сцен дэкарыравана пілястрамі, завершанымі карнізамі. У цэнтры алтара ўстаноўлены арган. Вокны дэкарыраваны арнаментальным вітражом. |