 Манумент Перамогі стаў асноўным кампазіцыйным элементам і вышыннай дамінантай аднайменнай плошчы
г. Мінска. Трэба адзначыць, што гісторыя яго стварэння адносіцца да далёкага ваеннага 1942 г. Ідэя стварэння
такога помніка захапіла архітэктара Г. Заборскага, калі ён цяжка паранены ляжаў у шпіталі уральскага гарадка
Троіцка. Менавіта там ён зрабіў першыя эскізы і малюнкі помніка.
У 1950 г. Упраўленне па справах архітэктуры пры СМ БССР аб’явіла конкурс на стварэнне праекта помніка-манумента
воінам і партызанам . Удзел у конкукрсе прынялі 70 архітэктараў і скукльптараў не толькі беларускіх, але і з іншых
гарадоў Савецкага Саюза. Першую прэмію атрымаў праект пад дэвізам “Беларусь”, аўтарам якога быў Г. Заборскі. На
падставе гэтага конкурснага праекта быў распрацаваны ў 1952 г. тэхнічны праект помніка, затым у 1952-54 гг. — рабочы
праект. Сааўтарамі Г. Заборскага былі У. Кароль і інжынер Шаліма.
Манумент Перамогі быў устаноўлены ў 1954 г.
Манумент вырашаны ў форме велічнага, абліцаванага шэрым гранітам абеліска (вышыня каля 40 м), увенчанага
выявай ордэна “Перамогі” (бронза, смальта). Грані абеліска рытмічна расчлянёны вузкімі і завершаны шырокай палосамі, якія нагадваюць беларускі арнамент. 4 грані пастамента аформлены бронзавымі гарэльефамі: “9 мая 1945 г.”, “Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Слава загінуўшым героям”, “Партызаны Беларусі”. Шматфігурныя кампазіцыі выкананы ў рэалістычнай манеры, з дэталёвай прапрацоўкай рэльефных выяў.
Абеліск пастаўлены на гранёны расшыраны ўнізе стылабат (чорны лабрадарыт), на якім выява бронзавага мяча, абвітага лаўровай галінкай. Уся кампазіцыя размешчана на шырокім васьмігранным ступеньчатым подыуме, 4 грані якога прарэзаны кубічнымі стылабатамі (чорны лабрадарыт) з 4 бронзавымі лаўровымі вянкамі на іх.
Перад манументам запалены Вечны агонь. |