 Сёмкаўскі маёнтак часта мяняў гаспадароў. Вядома, што ў сярэдзіне XVII ст. ён належаў навагрудскаму кашталяну Багдану Стэцкевічу. Ён пабудаваў у Сёмкаве драўляны палац: вялікае аднапавярховае прамавугольнае ў плане збудаванне з высокай двухпавярховай вежай у цэнтры, накрытай шатровым дахам. Па суседству з палацам знаходзіўся
дом эканома і гаспадарчыя пабудовы (пякарня, кухня, стайня, свірны і г.д.). Па перыметры рэзідэнцыя была абнесена драўлянай агароджай з вялікімі варотамі з боку вёскі. Магчыма, Стэцкевіч не вельмі даражыў сваім маёнткам у Сёмкаве і ў хуткім часе прадаў яго знакамітым Сапегам. У 1755 г. Міхал Антоній Сапега маёнтак падарыў сябру Адаму Хмары, якi акрамя Сёмкава і Сёмкава Гарадка набыў у Сапегаў яшчэ суседні фальварак Зацень і пачаў стварэнне шыкоўнай загараднай рэзідэнцыі ў Сёмкаве. Верагодна, што сядзіба будавалася паводле праекта знакамітага італьянца Карла Спампані, які ў той час кіраваў будаўніцтвам ці рэканструкцыяй шэрагу вядомых магнацкіх палацаў на тэрыторыі Беларусі.
У адпаведнасці з часам рэзідэнцыя будавалася ў пераходным ад барока да класіцызму архітэктурным стылі і мела традыцыйную планіроўку.
Асноўны корпус быў прамавугольны ў плане аднапавярховы, накрыты складаным ламаным дахам з люкарнамі. На паддашшы былі зроблены жылыя пакоі. Да тарцоў асноўнага корпуса прымыкалі невялікія квадратныя прыбудовы з плоскімі дахамі-тэрасамі, на якія былі выхады з мансарднага паверха цэнтральнага корпуса. Цэнтральная частка галоўнага фасада акцэнтавалася невялікім рызалітам з трохвугольным франтонам. Рызаліт быў аздоблены скульптурамі і 4 лапаткамі. З тыльнага боку рызаліту адпавядаў паўкруглы эркер. Дэкор фасадаў быў сціплы.
Палац і бакавыя флігелі стваралі паўадкрыты парадны двор (40х60 м). З боку ўезда двор быў абгароджаны прыгожай ажурнай рашоткай з брамай, пілоны якой упрыгожвалі вазы. Перад палацам у цэнтры быў традыцыйны партэр авальнай формы. Па перыметру партэр быў абсаджаны ліпамі з шарападобнымі кронамі.
Французкі парк, які атачаў сядзібу меў рэгулярную планіроўку і быў выцягнуты ўздоўж сваёй галоўнай восі больш чым на кіламетр. Да сядзібы вяла ўязная ліпавая алея шырынёй 8 м і даўжынёй каля 600 м. З паўночнага боку парк упрытык падыходзіў да берага ручая. З паўднёвага — пазней быў разбіты пейзажны парк і фруктовы сад. З гэтага
боку да сядзібнага комплекса вяла тапаліная алея. Парк быў упрыгожаны рознымі архітэктурнымі малымі формамі: альтанкамі, скульптурамі, аранжарэяй.
У 1802 г. пасля смерці А. Хмары маёнтак перайшоў да брата Iахiма Хмары, затым у 1815 г. — да яго сына Гiлярыя, які валодаў сёмкаўскай сядзібай да 1858 г. Сын Гiлярыя Адам Хмара аддаваў перавагу гарадскому ладу жыцця, таму ў 1889 г. прадаў родавую рэзідэнцыю Рамуальду Халкоўскаму. Ён быў апошнім уладальнікам маёнтка Сёмкава.
На працягу XIX ст. у сядзібе ніякіх істотных пераўтварэнняў не адбывалася. Толькі была ўзведзена крытая галерэя, якая аб’яднала левы флігель з галоўным корпусам.
У гады Вялікай Айчыннай вайны палацу былі нанесены значныя пашкоджанні. У пасляваенны перыяд па рашэнню мясцовых уладаў сядзіба была перададзена школе-інтэрнату. Пры аднаўленні была зменена форма даху на звычайны двухсхільны, правы флігель адкрытай галерэяй злучаны з галоўным корпусам, значна зменена ўнутраная планіроўка. У 1960-1980-я гады на тэрыторыі парка актыўна вяліся будаўнічыя работы. |