 На тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў сектары Падняпроўя знаходзіцца
ўнікальны помнік драўлянага культавага дойлідства Беларусі — Спаса-Праабражэнская царква з пасёлка Барань
(Аршанскі раён). Незвычайныя архітэктурныя формы гэтага помніка адразу вылучаюць яго з іншых. Аналагаў
Спаса-Праабражэнскай царквы не сустракаецца як на тэрыторыі нашай краіны, так і ў нашых суседзяў. Толькі Спаса-
Праабражэнская царква ў вёсцы Смаляны (таксама Аршанскі раён) сваей архітэктурай падобная да Баранскай царквы.
Можна меркаваць, што царква з пасёлка Барань данесла да нашага часу тып цэркваў, якія зніклі ў выніку працяглай
эвалюцыі.
Спаса-Праабражэнская царква была пабудавана ў мястэчку Барань у 1704 г. Гэтая дата заснавання царквы ёсць
у дакументах па страхаванні забудовы за 1910 — 1913 гг. На жаль, больш старадаўніх крыніц аб заснаванні царквы
адшукаць не ўдалося.
Спаса-Праабражэнская царква дзейнічала да 1930 г., затым была зачыненая, і ў памяшканні царквы быў зроблены клуб. Пры гэтым, натуральна, змянілася ўнутранае ўпрыгожанне царквы, быў разабраны іканастас. У 1961 г. у будынку былой царквы размясцілі фуражны склад калгаса “Авангард”. Праз дваццаць пяць гадоў царква была выратавана — яе перавезлі ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
Аснову архітэктурнай кампазіцыі Баранскай царквы складае цэнтральны, квадратны ў плане высокі зруб з 4-схільным дахам, на якім стаіць высокі і вузкі барабан з невялікім купалам. Даўжыня сцяны цэнтральнага зруба 9 м.
Канструкцыя такіх зрубаў, высокіх і квадратных у плане, узнікла ў старажытны час. Храм 6ыў галоўным будынкам сельскага наваколля, таму прымітыўная форма яго не магла задаволіць сучаснікаў. Па сутнасці, канструкцыя цэнтральнага зруба царквы з’яўляецца канструкцыяй гарадской абарончай вежы. У драўлянай архітэктуры ні ў межах Беларусі, ні ў нашых суседзяў не захавалася помніка архітэктуры, дзе б так арганічна спалучаліся прыёмы і метады абарончага і культавага дойлідства. У мэтах павелічэння плошчы з трох бакоў вакол цэнтральнага зруба пачалі ўзводзіць невысокі зруб. Так атрымалася галерэя, якая стварае ніжні ярус будынка. Унутры будынка, у ніжняй частцы цэнтральнага зруба, зроблены вялікія праёмы. Так будаўнікі Баранскай царквы вырашалі праблему арганічнай цэласнасці ўнутранай прасторы будынка. Закрытая галерэя, якая з трох бакоў ахоплівае 6удынак храма, была шырока распаўсюджана ў старажытнарускай мураванай архітэктуры, хоць у далейшым знікла як канструкцыйная частка будынка.
З глыбіні вякоў вядуць свой радавод цэрквы тыпу Баранскай. Але такая канструкцыя царквы аказалася неперспектыўнай. Атрымалася гэта па эстэтычных і ідэалагічных прычынах. Крыху простыя, вуглаватыя формы гэтых цэркваў не маглі вытрымаць канкурэнцыю з узнёслымі формамі храмаў новага тыпу. З сярэдзіны XVII ст. у праваслаўі намячаецца тэндэнцыя вяртання да візантыйскіх канонаў, і новыя цэрквы сталі ўзводзіць пяцікупальнымі.
На Беларусі гэтыя тэндэнцыі ў XVIII ст. яшчэ не сталі вядучымі. І нашыя дойліды традыцыйна ўзводзілі храмы былой канструкцыі. Пра гэта сведчыць Баранская Спаса-Праабражэнская царква. |