 Касцёл пабудаваны ў 1754 г. з цэглы. Фундатар кляштара ўладальнік мястэчка Антон Кошчыц прывёз з Рыма мошчы св. Юстына (перанесены ў Мосарскі касцёл), што зрабіла кляштар кармелітаў босых месцам паломніцтва. Кляштар скасаваны ў 1840 г. Касцёл у 1866 г. перасвячоны ў праваслаўную царкву. У 1920 г. вернуты католікам. У 1945 г. закрыты. У 1989 г. зноў аддадзены вернікам. Касцёл — помнік архітэктуры позняга барока з элементамі ракако. Квадратны ў
плане купальны храм цэнтрычнай кампазіцыі. Гранёны паўсферычны купал з 4 люкарнамі абапіраецца на 8-гранны барабан. Фасады прарэзаны люкарнамі і лучковымі праёмамі. Над купалам узвышаецца 8-гранная вежа-ліхтар з валбтамі.
Фасады аднолькавыя па кампазіцыі і дэкоры. Цэнтральныя іх часткі вылучаны выступамі, якія фланкіраваны калонамі карынфскага ордэра. Паміж калонамі размешчаны глыбокія конхавыя нішы. Сцены завершаны разарванымі франтонамі, пад карнізам па перыметры праходзіць пояс сухарыкаў. Вуглы ўмацаваны плоскімі пілястрамі. Аконныя і дзвярныя праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі арачнымі завяршэннямі. Над парталам цэнтральнага ўвахода пад верхнім аконным праёмам навісае маленькі балкон з мудрагелістай выгнутай агароджай, упрыгожанай звівамі
галінак, кветак (чыгуннае ліццё). Дэкаратыўнае афармленне інтэр’ера выканана ў стылі ракако.
Размешчаная побач плябанія — помнік пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Мураваная 2-павярховая пабудова, накрытая высокім двухсхільным дахам. Фасады прарэзаны невялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі і крапаваны лапаткамі. Тарцы будынка завершаны 3-х вугольнымі франтонамі. Чатыры невялікія памяшканні злучаны анфіладна. |