 Сядзіба Хамінскіх фарміравалася ў барочных формах на жывапіснай тэрасе ракі Страча, прытоку Віліі, сярод лясоў, недалёка ад Блакітных азёр. Яе парадная частка ўключала сядзібны дом і тэрасны парк. Сядзібны дом пабудаваны
прыкладна ў сярэдзіне XVIII ст. Потым будынак пашыраўся і перабудоўваўся згодна з новымі патрабаваннямі і набыў
складаную планіроўку. Першапачаткова галоўны аб’ём будынка быў драўляным, з неацёсаных бярвенняў, аднапавярховы, з ламаным мансардным дахам, крытым гонтам. У пачатку ХІХ ст. парадны фасад упрыгожыў порцік з шасці калон (бакавыя калоны былі спараннымі), які завяршаўся франтонам з радавым гербавым шчытом. У застрэшшы была зроблена дамашняя каплічка, увенчаная невялікай вежай з гадзіннікам, які паказваў месяцы, дні і вызвоньваў гадзіны і чвэрць гадзіны. У 1881 г. да паўднёвага фасада будынка была прыбудавана на высокім цокалі тэраса з каменнай балюстрадай (захавалася). У 1893 г. вялася дабудова будынка па праекту Т. Раствароўскага. Да кароткіх бакавых крылаў дабудаваны мураваныя, і будынак набыў П-падобную (у плане) форму. У гэты час былі праведзены змены на галоўным фасадзе. Часткова зашываецца і зашкляецца прастора каля порціка, разбіраецца маленькая
вежа. На мяжы стагоддзяў сядзіба Хамінскіх прадстаўляла сабой складаны комплекс, які ўключаў сядзібны дом, афіцыну, парк, сад, аранжарэю з домам, кухню, шматлікія гаспадарчыя пабудовы: свірны, стайні, кароўнікі, два гумны з малацілкай, навесы, куратнікі, а таксама кузню, вінакурню, пякарню, сушылку для зерня, сховішча для гародніны, лазню. Бурную Страчу перагароджавала плаціна. Энэргіяй падаючай вады сілкаваліся два млыны, піларама, паравік, электрастанцыя. На беразе вадаёма быў зроблены прычал для лодак.
Была наладжана складаная водная сістэма з 15 сажалак, каналаў і праток, падземнага трубаправода і рыбную гаспадарку. Пры сядзібе была школа. Сядзібны дом акружаў парк плошчаю каля 3 га. Ён закладзены ў духу тэрасных рэгулярных барочных паркаў. У плане меў выгляд прамавугольніка, выцягнутага ўздоўж асноўнай кампазіцыйнай восі. З паўночнага боку парк шчыльна падыходзіў да вадаёму на Страчы, з паўднёвага яго акаймляў вялікі сад. Тэрыторыя парка аформлена ў вяглядзе пяці тэрас з невялікімі перападамі вышынь. Дом размешчаны на другой тэрасе.
З боку азёр парк не меў межаў і паступова пераходзіў у лясныя ландшафты.
Ад сядзібнага дома засталося адно крыло, часткова тэраса і падвалы. Спалучаў рысы народнай драўлянай архітэктуры, барока, неакласіцызму, неабарока і нават стылю мадэрн. На гаспадарчым двары захаваліся дзве мураваныя стайні, пабудаваныя ў пачатку XX ст. з чырвонай цэглы. Прыцягвае ўвагу вялікі склеп былой гаспадарчай пабудовы, у якой месціліся пякарня, маслабойня, кухня і майстэрня. Дата будаўніцтва 1887 г. па-майстэрску высечана на бліскучай шэрай паверхні колатага валуна. Дом садоўніка прыстасаваны пад мясцовы фельдшарскі пункт. |