 Выдатны дзеяч эпохі Адраджэння (асветнік, філосаф, гуманіст, паэт, рэлігійны рэфарматар) Сымон Будны
нарадзіўся каля 1530 г. у Будах на Мазовіі ў сям’і дробнага шляхціца. Скончыў факультэт свабодных мастацтваў
Ягелонскага універсітэта ў Кракаве. З 1558 г. выкладаў у пратэстанцкай школе ў Вільні. У 1560 г. прыехаў у Клецк,
дзе прапаведваў кальвінізм, быў актыўным дзеячам Рэфармацыі.
У Нясвіжы разам з Мацеям Кавячынскім і Лаўрэнціям Крышкоўскім заснаваў друкарню. Тут у 1562 г. выдаў
першую на тэрыторыі Беларусі кнігу “Катэхізіс” на беларускай мове, затым “Пра апраўданне грэшнага чалавека
перад богам” і інш. Пазней у 1574 г. у Лоску выдаў свой пераклад Новага запавету з прадмовай і заўвагамі, творы
“Пра дзве сутнасці Хрыста”, “Супраць хрышчэння дзяцей” і інш. У 1576 г. выдаў твор “Пра найважнейшыя артыкулы
хрысціянскай веры”, дзе абагульніў свае рэлігійна-філасофскія вывады. С. Будны з’яўляўся адным з заснавальнікаў
навуковай крытыкі бібліі. У 1589 г. удзельнічаў у Полацку ў дыспуце з езуітамі , абвяргаў догмат пра несмяротнасць душы. Памёр у Вішневе 13 студзеня 1593 г. |