 Слуцкая брама з’яўляецца ўнікальным помнікам беларускага барока. Гэта адзіная брама, якая ацалела з чатырох
нясвіжскіх і ўвогуле ў Беларусі.
Брама была пабудавана ў 1700 (паводле іншых звестак у 1760 г.) у сістэме земляных гарадскіх умацаванняў. Яна
перакрывала дарогу, па якой можна было ўехаць у горад з боку Слуцка. Першапачаткова паводле архіўных дакументаў,
яна называлася Капыльскай. Трэба адзначыць, што брамы былі ўбудаваны ў курціны вала і замыкалі горад з чатырох
бакоў: Віленская (раней называлася Мінскай) Слуцкая (Копыльская), Замкавая і Клецкая.
Згодна інвентарнаму апісанню, на першым паверсе брамы знаходзілася каморка для вартавых. Кожны, хто ішоў
ці ехаў у горад мусіў плаціць пошліну. Пра гэта сведчыць мемарыяльная дошка, якая захавалася да нашых дзён.
На другім паверсе існавала капліца Маці Божай. У капліцы была драўляная падлога, столь патынкаваная. Алтар
дубовы разны, аддзелены металічнай агароджай. Справа была невялікая рызніца. Два званы знаходзіліся на вежы, адзін — у рызніцы. Капліца рамантавалася ў 1788 г. Затым быў выкананы рамонт у 1899-1901 гг.
У 1970-я гг. праведзены рэстаўрацыйныя работы. У выніку браме быў вернуты яе паршапачатковы выгляд, адрамантаваны фасады, дах, адноўлены масіўныя дубовыя дзверы, бакавая лесвіца на другі паверх, балкон на фасадзе з боку горада, замураваныя вокны, камін на першым паверсе. Брама – прамавугольны ў плане будынак з вялiкiм арачным праездам у цэнтры (даўжыня аркі каля 10,3м), накрыты двухсхiльным чарапiчным дахам. Галоўны і тыльны фасады завершаны пластычнымі франтонамі, раскрапаваны руставанымі лапаткамі. Сцены ўмацаваны контрфорсамi.
Абапал арачнага праезду размешчаны 2 памяшканні: першае для вартавых, у другім знаходзіцца лесвіца на другі ярус, дзе маецца невялікае памяшканне каплічкі. На фасадзе з боку горада над праездам высокі лучковы праём і балкон з металічнай літой агароджай. |