 Касцёл Святой Яўфіміі і кляштар будаваліся адначасова і стварылі цэласны архітэктурны ансамбль, архітэктурнае вырашэнне якога не падобнае ні да аднаго заходнееўрапейскага ўзору. Гэта быў першы ў краі жаночы каталіцкі кляштар і адзін з пяці кляштараў, якія заснаваў у канцы XVI ст. у сваім горадзе Мікалай Хрыстафор Радзівіл “Сіротка” разам з
братам, кардыналам Юрыем Радзівілам. Касцёл быў названы ў гонар св.Эўфеміі (імя жонкі князя Альжбеты Эўфеміі з Вішнявецкіх). Першае набажэнства ў касцёле адбылося 12 чэрвеня 1597 г.
Манастырскі комплекс размяшчаўся поруч паўднёва-ўсходняга бастыёна горада-крэпасці, што забяспечвала яму дзве лініі ўмацаванняў па граніцах участка. Дадаткова тэрыторыя кляштара па перыметру была абгароджаная сцяной. У цэнтры змяшчаўся каменны аднанефны храм, арыентаваны алтаром на ўсход. Па баках ад яго, сіметрычна размяшчаліся прыбудаваныя каменныя карпусы. Уваход у храм, як гэта было прынята ў кляштарах самага строгага статуту, ажыццяўляўся непасрэдна з унутраных калідораў кляштара.
Архітэктура касцёла адрозніваецца крайняй прастатой, складаныя формы былі выкарыстаныя толькі ў рашэнні ўсходняй алтарнай сцяны, выступаючай з-за лініі кляштарных будынкаў. Падкрэсленае вылучэнне ў архітэктуры і галоўнага параднага фасада храма, і яго алтарнай, усходняй часткі, звернутай да найбольш таемнай, сакральнай зоны кляштара, сведчыць аб арыентацыі касцёла нясвіжскіх бенедэктынак на найстаражытныя і асноватворныя для ордэна ўзоры манастырскай архітэктуры.
Архітэктурна-прасторавая арганізацыя двух замкнёных двароў, сфарміраваных як з заходняга, так і з усходняга, алтарнага боку храма, носіць нерэгулярны і досыць выпадковы характар. Складзеныя Т. Макоўскім у пачатку XVII ст. чарцёж плана і аксанаметрычны малюнак Нясвіжа сведчаць аб адсутнасці вышынных дамінантаў у архітэктуры кляштара XVII ст. Толькі адна невялікая глаўка падымалася над цэнтральнай часткай храма. Невысокімі былі таксама вароты ўваходу ў кляштар. Пазней, у 1720-я гг. кляштар быў рэканструяваны, яго ўпрыгожыла шмат’ярусная вежа. Да заходняга фасада прымыкала васьмігранная трох’ярусная вежа-званіца (разабрана ў другой палове XIX ст.).
Іншая трох’ярусная вежа была пабудаваная ў 1763 г. над варотамі галоўнага ўваходу ў кляштар. У яе формах выкарыстаны прыёмы барочных рашэнняў, аднак барочная пластыка і дэкор носяць вельмі стрыманы характар.
У 1864-1866 г. касцёл быў перабудаваны ў царкву, у 1877 г. кляштар скасаваны і перададзены пад казармы. Аднак у 1920-1945 гг. кляштар аднавіў сваю дзейнасць. |