 Фарміраванне сядзібы ў Снове, якая захавалася да нашага часу, вялося пры Казіміры Рдултоўскім (1785-
1855). Пасяліўшыся ў Снове, ён стварыў тут шыкоўную рэзідэнцыю з зімнім садам, галерэяй, у Адахоўшчыне
заснававаў суконную фабрыку.
Сядзіба размешчана на роўнай тэрасе ў плане мела форму прамавугольніка плошчаю каля 37 га. Уключала
партэр, пейзажны парк, ахоплены па перыметру алеяй, на якую выводзіць цэнтральная трохрадная алея з
ясеня і клёна. Да цэнтральнай параднай часткі з правага (паўднёвага) боку прымыкаў вялікі вадаём, з левага
— пладовы сад з алеяй з ясеня і ліпы.
Цэнтрам ансамбля з’яўляўся палац, пабудаваны ў стылі класіцызму. У спецыяльнай літаратуры будынак
датуецца 1827 г. і аўтарам праекта называецца архітэктар Б.Л. Тычэцкі. Аднак, апошнім часам некаторыя
даследчыкі аспрэчваюць гэтае меркаванне. Мажліва, гэта звязана з фактам прыбывання ў Сноўскім палацы ў 1764 г. караля Станіслава Панятоўскага.
Але, верагодна, кароль наведваў малавядомы палац Яна Хрызастома Рдултоўскага, пабудаваны ў 1760 г., які згодна сямейнай хроніцы, ён быў разбураны пад час Барскай канфедэрацыі.
Палац мае рысы шматпланавай аб’ёмна-прасторавай сіметрычнай кампазіцыі і ўяўляе сабой новы тып палацавых будынкаў з раскрытай франтальнай планіроўкай уздоўж адной папярэчнай восі. Будынак цагляны. У цэнтры — двухпавярховы аб’ём, аформлены на фасадах аднолькавымі па форме, але рознымі па памерах чатырохкалоннымі іанічнымі порцікамі. Да цэнтральнага аб’ёма прымыкаюць сіметрычныя аднапавярховыя
крылы, да іх — двухпавярховыя карпусы, размешчаныя перпендыкулярна к прадольнай восі палаца і на тарцах размяшчаюцца аднапавярховыя аб’ёмы з павільёнамі, у якіх былі жылыя і службовыя памяшканні. Фасады крылаў дэкарыраваны іанічнымі каланадамі. Пры чым каланада левага крыла адкрытая, а правага — прымыкае да фасаднай сцяны. Калоны сіметрычна размешчаны ў прасценках прамавугольных аконных праёмаў.
У дэкаратыўным афармленні палаца няма архітэктурных лішкаў. Перад палацам быў вялікі абкружаны па перыметры алеямі партэр з газонам. Усходняя частка сядзібы была прадстаўлена пейзажным паркам на плошчы 4 га, асноўным кампазіцыйным элементам якога з’яўлялася водная сістэма. Уключала прамавугольны і акруглы вадаёмы з крыніцамі,
два вялікіх вострава і вузкія пратокі. Сцены і дно вадаёмаў выкладзены камнем. Ансамбль захаваўся ў ранейшых межах. Палац прыстасаваны пад медыцынскую ўстанову. Парк захаваўся часткова, яго кампазіцыя была парушана пазнейшымі пасадкамі. Частка тэрыторыі забудавана. |