 Першая драўляная ратуша была пабудавана ў 1597 г. пасля атрымання горадам магдэбургскага права. У
1623 г. Віцебск быў часова пазбаўлены магдэбургскага права і ратушу разбурылі. Найбольш старажытная
драўляная ратуша паказана на “Чарцяжы места Віцебска 1664 года”. У гэты час яна з’яўлялася кампазіцыйным
цэнтрам гандлёвай плошчы. Затым неаднаразова гарэла (1708, 1733, 1752 гг.) і зноў аднаўлялася.
У 1775 г. было завершана будаўніцтва мураванай ратушы. Яна стала кампазіцыйным цэнтрам Рынкавай
плошчы і падзяліла яе на дзве часткі: адна раскрывалася перад галоўным фасадам ратушы да Віцьбы, другая
знаходзілася за ратушай на поўнач.
Ратуша – прамавугольны ў плане будынак, увенчаны ў цэнтры высокай чатырох’яруснай вежай. У яго
архітэктурна-прасторавую кампазіцыю пакладзены прынцып кантрастнага супрацьпастаўлення нізкага
корпуса, сціпла дэкараванага, і высокай вежы, больш насычанай дэкаратыўнымі дэталямі. Сцяна галоўнага
фасада дэкаравана плоскімі пілястрамі на вышыню абодвух паверхаў і прарэзана прамавугольнымі аконнымі
(на першым) і лучковымі (на другім) праёмамі. Корпус ратушы з’яўляецца п’едэсталам для вежы. Вежа мае крывалінейныя контуры, яе ярусы аддзяляюцца адзін ад аднаго складанымі карнізамі, зрэзаныя вуглы вежы дэкараваны пілястрамі, у аснове якіх дэкаратыўныя валюты. Раней вежа завяршалася шатром са шпілем, у яе верхнім ярусе быў устаноўлены гадзіннік. У архітэктуры ратушы спалучаюцца рысы барока і класіцызму. У будынку знаходзіліся грамадскія ўстановы. У канцы XVIII ст. тут знаходзіліся паліцыя, галоўны суд, другі дэпартамент, гаўпвахта, пажарны
двор; у XIX ст. – гарадская дума. Неаднаразова праводзіліся перабудовы. У 1833 г. быў зменены верх вежы: замест высокага шпілю ўстаноўлена назіральная пляцоўка з невялікай ратондай. У 1873–1875 гг. зроблены ўнутраныя перабудовы ў сувязі з перамяшчэннем на другі паверх гарадской думы, а на першы – паліцэйскага ўпраўлення. У 1910 г. гарадской управе было дазволена надбудаваць трэці паверх, што і зроблена ў 1911 г. па праекту архітэктара Т.В. Кібардзіна. Пазней да галоўнага ўваходу дабудавалі тамбур, зроблены ўваход у падвал на галоўным фасадзе. Пасля
пажару 1913 г. вежа была адрэстаўравана.
Аднак трэці паверх парушыў прапорцыі будынка, закрыў ніжні ярус вежы і зрабіў масіўным корпус. У такім выглядзе ратуша захавалася да нашых дзён.
Па абодва бакі галоўнага фасада ратушы былі ўзведзены аднатыпныя будынкі гандлёвых радоў. Першыя паверхі іх прарэзаны шырокімі лучковымі аркамі – уваходы ў гандлёвую частку. Другія мелі маленькія прамавугольныя аконныя праёмы і служылі складам для тавараў. Прасценкі паміж праёмамі былі дэкараваны дзвюма спаранымі пілястрамі, якія стваралі рытмічны дэкаратыўны малюнак. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. да ўсходняга і заходняга тарцоў ратушы прыбудавалі два жылыя дамы з гандлёвымі ўстановамі на першых паверхах, якія ўтварылі адзіны
комплекс з унутраным дворыкам.
У Вялікую Айчынную вайну была пашкоджана верхняя частка вежы з гадзіннікам. У 1946-1947 гг. гадзіннік аднавіў народны майстар С. Юшкоўскі. Будынак ратушы быў прыстасаваны пад музей. |